ЛІМО́ЖСКАЯ ЭМА́ЛЬ,

вырабы з медзі з размалёўкай непразрыстай эмаллю майстроў з г. Лімож (Францыя) 15—17 ст. Яе вытокі — у мясц. традыцыях эмальернага мастацтва 12—15 ст. На развіццё паўплывалі маст. прынцыпы познагатычнага вітража, флам. і італьян. жывапісу. Т.зв. старая школа (апошняя чвэрць 15—1-я чвэрць 16 ст.) прадстаўлена пераважна культавымі рэчамі (абразы-складні, трыпціхі, рэлікварыі) з паліхромнымі кампазіцыямі на рэліг. сюжэты. Творы вызначаліся святочна яркай размалёўкай, увядзеннем у яе ліній і плям з золата, пераходам ад тэхнікі перагародчатай эмалі да размаляванай, блізкай да станковага жывапісу (майстар Н.​Пеніко), ад гатычных форм да рэнесансавых. Каля 1530 узнікла т. зв. новая школа, вырабы якой мелі пераважна свецкі характар (скрыначкі, блюды, чашы, збаны, пласціны-партрэты). Аздабляліся копіямі з гравюр А.​Дзюрэра, Рафаэля і інш. у тэхніцы грызайль на каляровым фоне, партрэты выконвалі па малюнках Ж.​Клуэ і яго паслядоўнікаў. Дэкор абрамлення блізкі да маньерыстычнай школы Фантэнбло (майстар Л.​Лімазен). У сярэдзіне 17 ст. вытв-сць Л.э. заняпала.

Да арт. Ліможская эмаль. Рэлікварый са сцэнамі з легенды пра святую Валерыю. Канец 12 ст.

т. 9, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)